У Беларусі разглядаюць варыянт павелічэння падаходнага падатку да 40% для часткі насельніцтва. Гэта прадугледжвае праект змяненняў у Падатковы кодэкс, піша Myfin.by. «Люстэрка» тлумачыць, якія новаўвядзенні могуць укараніць.
Кароткая перадгісторыя
Нагадаем, з 2024 года ў Беларусі ўвялі павышаны падатак для тых, хто зарабляе больш за 200 тысяч рублёў за год (у 2025-м суму паднялі да 220 тысяч). Такія людзі павінныя плаціць падаходны падатак памерам 25% з сумы перавышэння замест цяперашніх 13%. Гаворка пра даходы ад дывідэндаў, па працоўных дамовах, а таксама па грамадзянска-прававых дамовах. Фактычна можна казаць пра ўвядзенне ў Беларусі «падатку на багацце».
Што цяпер хочуць змяніць чыноўнікі
У 2026 годзе ў Беларусі можа з’явіцца трохступенная прагрэсіўная шкала падаходнага падатку, пры якой стаўка збораў расце разам з памерам даходу.
Але максімальныя стаўкі закрануць толькі невялікую колькасць падаткаплатнікаў. Такую выснову можна зрабіць з праекта Падатковага кодэкса на наступны год.
Цяпер прапануецца павялічыць у 2026 годзе парог абкладання даходаў па стаўцы 25% з 220 000 да 350 000 рублёў. Пры гэтым з сумы, якая перавышае 600 000 рублёў, плануецца спаганяць збор па стаўцы 40%.
Нагадаем, кіраўнік МПЗ Дзмітрый Кійко 16 кастрычніка паведаміў, што трэцяя ступень падаткаабкладання можа закрануць каля 1000 чалавек.
«Гэта не датычыць большасці нашых грамадзян, — адзначаў Дзмітрый Кійко. — Тут галоўнае не перагнуць палку. Гэта як прапанова мае права на жыццё. Тым не менш па выніках абмеркавання (на нарадзе 16 кастрычніка з удзелам Аляксандра Лукашэнкі. — Заўв. рэд.) вырашана працягнуць гэтую дыскусію ў парламенце. Таму, я думаю, падрабязнасці мы будзем абмяркоўваць, калі дакументы непасрэдна паступяць у парламент і там пачнецца канкрэтнае абмеркаванне».