У Беларусі навука мусіць быць цесна звязаная з вытворчасцю — інакш «мы шукаем шчасця за мяжой, і замежжа пачынае намі кіраваць». Такое меркаванне агучыў Аляксандр Лукашэнка падчас адкрыцця Мінскага гарадскога цэнтра тэхнічнай творчасці дзяцей і моладзі 17 кастрычніка.
На думку Лукашэнкі, навука мусіць быць цесна звязаная з вытворчасцю.
— Мы нешта вынаходзім, навука працуе, а вытворчасць гэтага не спажывае. Гэта кепска. Тады мы шукаем шчасця за мяжой, і замежжа пачынае намі кіраваць, пераконвае нас у тым, што Беларусь ні на што не здольная. Таму — навука, вынаходніцтвы і вытворчасць, — лічыць ён.
Палітык упэўнены, што «квітнець будуць менавіта тыя дзяржавы, якія могуць ствараць новыя тэхналогіі, эфектыўна выкарыстоўваць іх у вытворчасці і іншых сферах жыцця».
— Таму цяпер мы такую пільную ўвагу надаём навучанню інжынераў, канструктараў, праграмістаў, — дадаў Лукашэнка.
Ён заявіў, што «дзяцей трэба забраць з вуліцы, адцягнуць ад пустога марнавання часу за экранамі гаджэтаў, навучыць думаць і выкарыстоўваць атрыманыя веды на практыцы». А таксама даручыў «прадумаць стымулы для замацавання ўнутры краіны таленавітай моладзі», бо «попыт каласальны на нашую моладзь, нашых студэнтаў».
— Сілай не ўтрымаеш цяпер. Трэба ствараць адпаведныя інтарэсы, — прызнаў палітык, дадаўшы, што трэба старацца ўтрымліваць перспектыўныя кадры ў Беларусі, «ствараючы для гэтага неабходныя ўмовы».
Чытайце таксама