Пакуль на станцыі разгортвалася катастрофа і людзі былі ў смяротнай небяспецы, а вецер разносіў радыяцыю на сотні кіламетраў, у афіцыйнай савецкай рэчаіснасці ўсё было добра і ішла падрыхтоўка да майскіх святаў.
Прайшло 40 гадоў з моманту аварыі на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі. Яна здарылася 26 красавіка 1986 года і стала найбуйнейшай тэхнагеннай катастрофай у гісторыі чалавецтва. Успамінаем, як тады разгортваліся падзеі ў «фасаднай» версіі савецкай рэчаіснасці і насамрэч — і наглядна паказваем гэта.
Чацвёрты энергаблок Чарнобыльскай АЭС рыхтуюць да адключэння ад сеткі для планавага рамонту і правядзення выпрабаванняў. Трэба праверыць: калі раптам на станцыі знікне электрычнасць, колькі часу турбагенератар, круцячыся па інерцыі на «выбегу», зможа даваць дастаткова току для працы помпаў, якія падаюць у рэактар ваду. Яна ахалоджвае яго і паглынае нейтроны, запавольваючы рэакцыю. Таксама трэба праверыць, ці хопіць гэтага часу, каб дацягнуць да запуску аварыйных дызель-генератараў. Такія выпрабаванні ўжо праводзілі раней, але без паспяховага выніку: энергія «выбегу» заканчвалася занадта хутка.
Магутнасць рэактара паступова зніжалі для пачатку выпрабаванняў. Але ўдзень працэс ставяць на паўзу пасля званка з Кіева: на адной з украінскіх станцый праблемы, і ЧАЭС павінна паднапружыцца, каб не дэстабілізаваць энергасістэму. Увечары зніжэнне магутнасці аднаўляюць.
Але за гэты час у рэактары праз працяглую працу на палове магутнасці назапашваецца прадукт распаду ёду — ксенон, які замінае рэакцыі. Гэта называецца ксенонавым атручваннем. Выбрацца з «ксенонавай ямы» хутка немагчыма, і магутнасць падае амаль да нуля. Каб рэактар зусім не заглух, аператары вымаюць амаль усе тармазныя стрыжні з графіту, якія стрымліваюць дзяленне атамаў. Для правядзення выпрабавання патрэбная была магутнасць мінімум 700 МВт, але на яе дасягненне спатрэбілася б шмат часу. Кіраўнік выпрабаванняў, намеснік галоўнага інжынера ЧАЭС Анатоль Дзятлаў і не надта дасведчаны начальнік змены Аляксандр Акімаў вырашаюць праводзіць тэст ужо пры 200 МВт.
Вясновая пятніца. Прыпяць — новенькі савецкі атамград, перспектыўны квітнеючы горад з насельніцтвам амаль 50 000 чалавек, поўны моладзі і дзяцей — адпачывае пасля працоўнага тыдня і прадчувае хуткія майскія святы. 1 мая гараджане атрымаюць падарунак: для іх маюць адкрыць парк атракцыёнаў з колам агляду.
Распрацоўшчыкі чарнобыльскага рэактара лічылі, што ён настолькі бяспечны, што яго можна паставіць на Краснай плошчы.
Выпрабаванне пачынаецца. Аператары адключаюць аўтаматычныя абароны і часткова перакрываюць пару. Помпы запавольваюцца, вады ў рэактар паступае ўсё менш, яна хутчэй награваецца і закіпае. Паравыя бурбалкі паглынаюць нейтроны значна горш за ваду, ланцуговая рэакцыя паскараецца, магутнасць пачынае некіравальна расці.
Аператар, бачачы рэзкі рост магутнасці, націскае кнопку аварыйнай абароны АЗ-5. У актыўную зону пачынаюць апускацца тармазныя стрыжні з карбіду бору, якія павінны выціснуць з каналаў ваду, паглынуць лішак нейтронаў і запаволіць рэактар. Але ў канструкцыю РБМК-1000 закладзеная фатальная памылка: наканечнікі стрыжняў зробленыя з графіту, які паглынае нейтроны яшчэ горш за ваду. Калі стрыжні пачынаюць апускацца ў рэактар, месца вады ў першыя імгненні займае менавіта графіт. Замест тармажэння рэакцыя разганяецца і магутнасць некалькі секунд расце, пакуль не ўваходзіць бор. Гэта называецца «канцавы эфект», яго выявілі яшчэ ў 1983 годзе пры запуску Ігналінскай АЭС з такім жа рэактарам. Але інфармацыю схавалі, дэфект ліквідаваць не сталі.
Персанал ЧАЭС не ведае пра канцавы эфект і націскае АЗ-5, думаючы, што апусканне стрыжняў усё заглушыць. Замест гэтага за імгненне адбываецца крытычны скачок магутнасці — і дэстабілізаваны рэактар уваходзіць у самаразгон. Магутнасць перавышае ўсе разліковыя межы. Ціск пары разрывае частку канструкцый — першы выбух. Вада ўступае ў рэакцыю з аголеным ядзерным палівам, графітам, цырконіем. Утвараюцца вадарод і чадны газ, іх ціск прыпадымае вечка рэактара. Кісларод, які трапіў унутр, стварае выбуховую сумесь.
Другі выбух. 1000-тонная вечка рэактара ўзлятае і падае. Разбураныя сцены і перакрыцце рэактарнай залы. Распалены графіт і абломкі паліўных стрыжняў, выкінутыя з рэактара, пачынаюць пажар на даху будынка. Рэшткі актыўнай зоны расплавіліся, сумесь металу, бетону і фрагментаў ядзернага паліва расцякаецца па падрэактарных памяшканнях.
Падчас выбухаў гіне старшы аператар рэактарнага цэха Валерый Хадэмчук (яго цела так ніколі і не знайшлі). Рабочы Уладзімір Шашанок, які знаходзіўся каля рэактара, атрымлівае пералом пазваночніка і апёкі — ён памрэ ў бальніцы да раніцы.
На тэрыторыю станцыі ўязджаюць два першыя пажарныя разлікі пад камандаваннем 23-гадовых лейтэнантаў Уладзіміра Правіка і Віктара Кібянка. Пажарным сказалі: гарыць дах. Стоячы зверху, яны тушаць гарачы бітум, у якім вязнуць боты, і скідваюць нагамі ў цемру кавалкі графіту. З абароны ў іх толькі брызентавыя касцюмы, рукавіцы і каска. Тыя, хто працаваў у супрацьгазах, знялі іх у першыя хвіліны — занадта горача. Хлопцы не ведаюць, што пад імі адкрыты рэактар.
Ды і работнікі станцыі яшчэ не разумеюць, што ён разбураны, і паўночы будуць спрабаваць падаць туды ваду для ахалоджвання. Восем работнікаў трапяць у бальніцу з апёкамі. Тое, што радыяцыя зашкальвае, стане ясна толькі да 3:30. Адзіны знойдзены дазіметр з вялікай шкалой да 1000 рэнтген/гадзіну зашкаліў на максімуме і выйшаў з ладу.
Прыпяць працягвае спаць, пакуль радыеактыўны дым з рэактара падымаецца ў паветра і адносіцца ветрам на паўночны паўночны захад — на тэрыторыю Беларусі. Паведамленняў пра аварыю няма.
А пятай раніцы званок пра аварыю атрымаў генсак Міхаіл Гарбачоў — яму, паводле яго слоў, сказалі, што рэактар цэлы. Да шостай раніцы ўзгаранне на даху патушылі. Пажарныя не далі яму перакінуцца на трэці энергаблок і прадухілілі яшчэ большую катастрофу цаной сваіх жыццяў. Яшчэ з другой ночы ў іх з'явіліся сімптомы: ваніты, слабасць, пад рукавіцамі цямнела скура — «ядзерны загар». 25-гадовы беларус з Брагінскага раёна Васіль Ігнаценка вынес на сабе з даху таварыша, які страціў прытомнасць. Сам ён атрымаў дозу ў 1600 рэнтген — пры смяротнай у 400.
43 пацярпелых раніцай накіравалі ў мясцовую бальніцу. Іх адзенне надзвычай «фаніла», і яго скідалі ў падвал. Медыкі не мелі досведу працы з прамянёвай хваробай. Правіка, Кібянка, Ігнаценку і іх таварышаў, а таксама пацярпелых работнікаў станцыі ўвечары самалётам адпраўляюць у Маскву, у бальніцу №6, дзе займаюцца радыялагічнымі інцыдэнтамі.
Раніцай дырэктар АЭС Віктар Бруханаў накіраваў ў Маскву кароткі даклад: напісаў, што аварыя адбылася, але істотна занізіў маштаб і не паведаміў пра разбурэнне рэактара: «Пажар ліквідаваны, абстаноўка ў горадзе нармальная, узровень радыяцыі кантралюецца».
Удзень у Прыпяць пачынаюць злятацца чыноўнікі з Кіева і Масквы. Да вечара рэактар абляцелі на верталёце, і стала ясна, што ён разбураны. У ім гарэла ядзернае паліва і была вялікая рызыка, што хутка сама па сабе адновіцца ланцуговая рэакцыя, якую ўжо не спыніць. Узровень радыяцыі ў горадзе ўдзень быў прыкладна ў дзесяць разоў вышэйшы за натуральны фон — яшчэ ў цярпімых межах. Але ён імкліва рос.
Частка спецыялістаў настойвала на эвакуацыі Прыпяці, але кіраўнік камісіі Барыс Шчарбіна (намеснік старшыні ўрада СССР) і іншыя не хацелі «наводзіць паніку». Акадэмік Валерый Лягасаў спрабаваў прыдумаць, як патушыць рэактар, да якога нават набліжацца было небяспечна. Ніхто не разумеў, што рабіць, а многія не верылі, наколькі насамрэч усё дрэнна. Увечары ў глыбіні рэактара адбываюцца ўспышкі і грукат, здарыўся новы выкід радыяцыі. Пасля гэтага ўлады нарэшце вырашаюць пачаць падрыхтоўку да эвакуацыі горада.
У Прыпяці звычайны выходны дзень, цудоўнае цёплае надвор'е. Людзі шпацыруюцьк па горадзе, дзеці гуляюць у футбол, на балконах сушыцца бялізна. Жыхары адсвяткавалі 16 вяселляў. Пра аварыю не абвяшчалі, рэкамендацый заставацца дома не было.
Раніцай паблізу Кіева спынілі аўтамабіль жыхара Прыпяці з пасажырамі. Паводле кіроўцы, яны выехалі з горада а шостай раніцы, каб адпачыць у лесе. Узровень радыяцыі паверхні аўтамабіля перавышаў фонавы ў 5000 разоў. Людзей і машыну накіравалі на дэзактывацыю.
Праз 36 гадзін пасля катастрофы, у 13:10 у нядзелю, па гарадскім радыё Прыпяці нарэшце гучыць першае афіцыйнае паведамленне пра аварыю на АЭС. Дыктар абвяшчае збор і «часовую эвакуацыю» насельніцтва. Каб не палохаць, людзям кажуць, што гэта толькі на тры дні. Браць рэчы і хатніх жывёл забараняецца. Ступень небяспекі і ўзровень радыяцыі ім не тлумачаць.
З 14 да 18 гадзін вывезеныя 44 460 чалавек. Застаецца каля 5000 рабочых для ліквідацыі наступстваў аварыі, міліцыянеры і вайскоўцы.
«Ужо пасля эвакуацыі ўрадавая камісія ў поўным складзе засталася начаваць і вячэраць у прыпяцкай гасцініцы "Палессе" — у звычайнай вопратцы і без рэспіратараў. А вада, і паветра, і ўся ежа ўжо былі заражаныя. Таксама ў звычайнай вопратцы і без рэспіратараў абляталі тэрыторыю на верталётах у першыя дні пасля катастрофы нашы акадэмікі. Так што тыя, хто мяне інфармаваў, самі не да канца разумелі, што ж усё-такі здарылася», — раскажа потым Міхаіл Гарбачоў.
А дзясятай вечара на адной з атамных станцый у Швецыі, больш чым за тысячу кіламетраў ад Прыпяці, фіксуюць рэзкі рост узроўню радыяцыі і пачынаюць шукаць прычыну. Спачатку падазрэнні спецыялістаў падаюць на адзін са шведскіх заводаў, але неўзабаве яны пераконваюцца, што справа не ў ім.
Цэнтральныя СМІ СССР маўчаць пра аварыю. Яшчэ з раніцы нядзелі міліцыя адразае ўвесь раён станцыі блокпастамі, КДБ адключае ў Прыпяці міжгароднюю тэлефонную сувязь, каб не дапусціць распаўсюду чутак.
Жыхары Беларусі, якую ўжо накрыла радыяцыяй, не падазраюць пра гэта і радуюцца сонечнай нядзелі.
Удзень у панядзелак улады Швецыі вызначаюць, што радыяцыю да іх прынесла аднекуль з усходу ад Фінляндыі. Паведамленне пра гэта публікуе агенцтва Associated Press, крыніца ў шведскім урадзе намякае, што справа ў СССР. Увечары міністр энергетыкі Швецыі на экстраннай прэс-канферэнцыі пацвярджае, што дзяржава-парушальніца знаходзіцца на ўсходзе.
У 21.00 па маскоўскім часе дыктар праграмы «Время» зачытвае кароткае паведамленне ўрада:
«На Чернобыльской атомной электростанции произошла авария. Поврежден один из атомных реакторов. Принимаются меры по ликвидации последствий аварии. Пострадавшим оказывается помощь. Создана правительственная комиссия».
Гэта першая афіцыйная інфармацыя пра катастрофу. З моманту аварыі прайшло амаль 80 гадзін.
Над разбураным рэактарам не спыняюцца верталётныя рэйсы. Пілоты завісаюць над ім літаральна на секунды і скідваюць у дымны правал сумесь пяску, свінцу і бору — свінец паглынае гама-выпраменьванне, бор спыняе ланцуговую рэакцыю. Гэта была ідэя акадэміка Лягасава. З 27 красавіка па 1 мая ў рэактар было скінута 5 тысяч тон сумесі.
Прыборы для замеру атрыманага ўзроўню радыяцыі зашкальваюць на максімуме — 500 рэнтген у гадзіну — і выходзяць з ладу. У лётчыкаў першыя дні няма асабістых датчыкаў апраменьвання, ды і потым атрыманую дозу запісвалі, заніжаючы ў разы, — інакш кожны дзень патрэбныя былі б новыя пілоты.
Вецер разварочваецца на поўдзень і цяпер нясе радыеактыўныя аблокі да сталіцы Украіны. У Кіеве нарастае трывога. Чуткі пра выбух распаўзліся па горадзе разам з прыездам эвакуяваных з Прыпяці. Людзі скупляюць ёд у аптэках. Ніякіх афіцыйных рэкамендацый няма.
У Беларусі Гомельскі абласны савет дэпутатаў 30 красавіка выдае рашэнне для Брагінскага, Хойніцкага і Нараўлянскага раёнаў, якія найбліжэйшыя да АЭС і атрымалі найбольшае забруджванне. Іх уладам загадваюць пастаянна кантраляваць радыяцыйную абстаноўку, выдаць насельніцтву раствор ёдзістага калію, спыніць палявыя работы ў калгасах, забараніць выпечку хлеба. Людзі павінны не выпускаць дзяцей на двор, не піць ваду з калодзежаў, загнаць жывёлу ў хлявы і здаць малако на перапрацоўку. Але што адбываецца, людзям не кажуць.
У гарадах Украіны і Беларусі ідуць рэпетыцыі першамайскай дэманстрацыі. У Кіеве школьнікаў у трэніровачных касцюмах кожны дзень ганяюць па маршруце парада. Калі гэтыя касцюмы здадуць, КДБ зафіксуе: «Адзенне мае даволі высокі ўзровень [радыяцыйнага] фону».
СМІ зноў маўчаць. КДБ бярэцца за інфармацыйнае прыкрыццё. Замежных карэспандэнтаў у Кіеве, якіх у горадзе было 16 чалавек, не падпускаюць да вакзалаў, не даюць ім гаварыць з людзьмі і збіраць «тэндэнцыйную» інфармацыю, атачаюць агентурай пад выглядам звычайных грамадзян і падсоўваюць «правільныя» звесткі.
Таксама агенты пераконваюць замежных студэнтаў і турыстаў не панікаваць і не пакідаць Кіеў — каб не вывезлі інфармацыю і не сталі жывым доказам радыяцыйнага забруджвання.
Рэактар працягвае гарэць. Радыяцыйны фон у Кіеве павышаны ў сотні разоў; паводле звестак метэаролагаў на 7 раніцы 1 мая, ён складае 550–1200 мікрарэнтген у гадзіну. Канцэнтрацыя радыеактыўных часцінак асабліва высокая ў нізінах — менавіта там, дзе пройдзе святочная калона. Вуліцы там актыўна мыюць.
Перад самым пачаткам дэманстрацыі ў Кіеве машына першага сакратара Кампартыі Украіны Уладзіміра Шчарбіцкага рэзка тармозіць каля трыбуны на Храшчаціку. Той, паводле сведчанняў відавочцаў, у лютасці расказвае чыноўнікам пра размову з Гарбачовым: «Я яму сказаў — нельга праводзіць дэманстрацыю на Храшчаціку, гэта яр, тут назапашваецца радыяцыя. А ён мне: партбілет на стол пакладзеш, калі напартачыш».
Журналісты ўвечары выязджаюць да Чарнобыльскай АЭС, але практычна ніякай новай інфармацыі ў СМІ не з'яўляецца.
А вось New York Times выпускае асуджальную калонку пра тое, як савецкія ўлады хаваюць ад грамадзян праўду і выганяюць іх на парады пад радыяцыяй.
Шчарбіцкі ўсё ж выходзіць на парад з усёй сям'ёй, з унукамі — так належыць. І патрабуе таго ж ад іншых чыноўнікаў: трэба сваім прыкладам паказаць людзям, што прычын хвалявацца няма. У парадзе ўдзельнічае каля 120 000 кіяўлян. Замест звычайных пяці гадзін мерапрыемства доўжыцца толькі гадзіну дваццаць.
«Маніфестацыі не былі адмененыя, бо да 1 мая яшчэ не было поўнай карціны таго, што здарылася, — запэўніваў Гарбачоў пазней. — Сапраўды, мы баяліся панікі — вы самі можаце ўявіць магчымыя наступствы масавай панікі ў шматмільённым горадзе! Цяпер ясна, што гэта была памылка».
Першамайскія дэманстрацыі праходзяць і ў Мінску, і па ўсёй Беларусі, у тым ліку ў Гомелі, Брагіне, Хойніках, Нароўлі.
«У святочнай калоне 600 студэнтаў механіка-тэхналагічнага факультэта. Права ўзяць удзел у першамайскай дэманстрацыі яны атрымалі пасля перамог у спаборніцтвах», — рапартуюць газеты. Пра радыяцыю амаль ніхто не падазрае.
Кіраўнік Гомельскай вобласці Аляксей Камай пазней, падняўшыся над Брагінам на верталёце і ўбачыўшы клубы дыму над АЭС (ад горада да станцыі — каля 40 км), успомніць, як 1 мая ў Гомелі ў параднай калоне ішлі яго жонка і дачка.
У газеце «Звязда» ўпершыню ў беларускіх СМІ з'яўляецца маленькае паведамленне пра ЧАЭС: «Аварыя прывяла да разбурэння часткі канструкцый рэактара, яго пашкоджання і некаторай уцечкі радыеактыўных рэчываў. Загінулі два чалавекі. <…> Цяпер радыяцыйная абстаноўка на станцыі і прылеглай мясцовасці стабілізаваная. Жыхары пасёлка АЭС і трох найбліжэйшых населеных пунктаў эвакуяваныя».
У брагінскай газеце «Маяк Палесся» пішуць, як у саўгасе вёскі Савічы садзяць бульбу і кукурузу: «Будучы ўраджай здабываецца сёння». Неўзабаве вёска трапіць у зону адсялення.
У гэты ж дзень абласны савет дэпутатаў пастанаўляе, што замежнікі могуць пакідаць Гомельскую вобласць толькі пасля медагляду або пад распіску, што не маюць прэтэнзій да савецкіх уладаў.
На ЧАЭС працягваецца барацьба з рэактарам, які ніяк не могуць патушыць. Засыпка сумессю бору, свінцу і пяску спачатку знізіла выкід радыяцыі, але потым тэмпература ў «жарле» пад гэтай падушкай пачала расці, і выкід радыеактыўных рэчываў узмацніўся зноў.
На работы па ўборцы радыеактыўнага смецця з перакрыццяў над рэактарам накіроўваюць робатаў, але іх электроніка выходзіць са строю ад радыяцыі. Тады на дахі рэактарнага будынка выходзяць салдаты з лапатамі — «біяробаты»: кожны можа правесці там толькі некалькі дзясяткаў секунд.
Паралельна пад рэактар удалося заліць бетонную пліту, каб не абрынуўся яго ніжні ярус. Шахцёры капаюць тунэль на 136 метраў, каб прадухіліць пранікненне ядзернага расплаву ў грунт пад станцыяй.
З затопленых памяшканняў 4-га энергаблока адпампоўваюць радыеактыўную ваду, якую туды залівалі ў першыя гадзіны пасля аварыі. Каб заражэнне не пранікла ў грунтавыя воды і басейн Дняпра, вакол ЧАЭС за дзесяць дзён збудавалі ахоўную дамбу. А ўздоўж ракі Прыпяць інжынерныя войскі адсыпалі кіламетры земляных валоў.
Істотна знізіць выхад радыенуклідаў з рэактара ўдаецца толькі да 10 мая.
У першыя дні мая было эвакуявана ўсё насельніцтва з зоны радыусам 30 км вакол станцыі — 116 тысяч чалавек.
Людзі даведваюцца пра Чарнобыль усё больш — з чутак і паведамленняў заходніх радыёстанцый. 5 мая газета International Herald Tribune публікуе падрабязную карту распаўсюджвання радыеактыўных рэчываў.
У Кіеве нарастае паніка. Усе стараюцца вывезці з горада далей хаця б дзяцей, квіткі на цягнікі размятаюць цалкам. Выезды па аўтадарогах кантралююцца ДАІ.
Людзі ўцякаюць не дарма. У сакрэтнай справаздачы КДБ за 10 мая пазначаны рэальны ўзровень забруджвання ва ўкраінскай сталіцы: «Радыеактыўнасць у паветры па розных пунктах ад 500 да 1050 мікрарэнтген у гадзіну, у памяшканні да 100 мікрарэнтген у гадзіну» (бяспечным лічыцца фон да 20 мікрарэнтген у гадзіну).
У бальніцы №6 у Маскве пацярпелым з ЧАЭС становіцца горш. Спачатку ў іх быў схаваны перыяд без асаблівых сімптомаў, але цяпер прамянёвая хвароба ўступіла ў вострую фазу. У гэты момант усе сістэмы арганізма здаюцца, бо ён больш не можа прадукаваць новыя клеткі. Адмаўляе кроваўтварэнне, на скуры з'яўляюцца язвы, слізістыя абалонкі распадаюцца. Пацыентам робяць перасадку касцявога мозгу, але яна амаль нікому не дапамагае: паражэнні занадта цяжкія.
Родных у бальніцу амаль не пускалі, але жонка пажарнага Васіля Ігнаценкі — Людміла — дамаглася дазволу лекараў прысутнічаць. Для гэтага давялося схаваць, што яна на шостым месяцы цяжарнасці. Медыкі казалі ёй: «Ты сядзіш побач з рэактарам». Але яна правяла каля ложка мужа 17 дзён і нават начавала з ім.
10 мая памірае першы пажарны — Уладзімір Цішура.
Савецкія СМІ паведамляюць толькі пра гібель двух работнікаў у Чарнобылі і нічога не кажуць пра рэальныя маштабы аварыі і забруджванне асяроддзя. Толькі 6 мая кіяўлянам упершыню кажуць пра тое, што ёсць небяспека радыяцыі. Кіраўнік Мінздароўя УССР Анатоль Раманенка выступае на мясцовым тэлебачанні і раіць радзей выходзіць на вуліцу, не адкрываць форткі.
У гэтую ж дату — праз дзесяць дзён пасля выбуху — першы рэпартаж з зоны выходзіць у «Правде» на апошняй паласе.
6–9 мая на Храшчаціку праходзіць «Велагонка міру» — упершыню гэтыя міжнародныя спаборніцтвы пачынаюцца ў СССР. Тысячы кіяўлян выходзяць вітаць спартсменаў. Радыяцыйны фон у горадзе ў гэты час перавышае норму ў 500 разоў.
9 мая беларускія і ўкраінскія гарады адзначаюць Дзень Перамогі.
У той жа дзень на прэс-канферэнцыі ў Маскве савецкія чыноўнікі паведамляюць, што ўзровень радыяцыі на мяжы 30-кіламетровай зоны вакол ЧАЭС складае 0,15 мілірэнтгена ў гадзіну. Унутраны сакрэтны дакумент КДБ ад 10 мая фіксуе рэальныя лічбы па Кіеве: 500–1050 мікрарэнтген у гадзіну — гэта значыць у 3–6 разоў вышэй за афіцыйныя дадзеныя.
11 мая паміраюць Уладзімір Правік і Віктар Кібянок — камандзіры пажарных разлікаў, якія першымі падняліся на дах рэактара. У Правіка засталася месячная дачка.
З заключэння пра смерць: «Правік Уладзімір Паўлавіч, 23 гады. Начальнік каравула ВПЧ-42, праходзіў лячэнне ў клініцы Інстытута біяфізікі (Масква) з 27 красавіка па 11 мая 1986 года. Пацыент пакутаваў на вострую прамянёвую хваробу крайне цяжкай ступені: орафарынгеальны сіндром, глыбокая дэпрэсія кроваўтварэння. Пнеўманіт, радыяцыйны апёк усёй скуры 1-й ступені і 3-4-й ступені скуры твару, вачэй і рук. Таксемія. Таксічна-септычнае паражэнне парэнхіматозных органаў, ацёк лёгкіх, ацёк галаўнога мозгу. Захворванне ўзнікла і смерць наступіла ў выніку непасрэднага ўдзелу хворага ў аварыі на ЧАЭС. Заключэнне выдадзена жонцы хворага для прад’яўлення па месцы жыхарства».
13 мая памірае Васіль Ігнаценка. Праз два месяцы Людміла нараджае ў той жа маскоўскай бальніцы. Як хацеў бацька, дзяўчынку яна называе Наташай. На выгляд малеча здаровая, але ў яе цыроз печані і парок сэрца. Дзяўчынка пражыла некалькі гадзін і была пахаваная побач з бацькам. Людміле тады лекары сказалі, што немаўля ва ўлонні прыняло ўдар радыяцыі на сябе і выратавала ёй жыццё.
Савецкія СМІ пра смерці пажарных не паведамляюць нічога і працягваюць маўчаць пра аварыю.
У маскоўскай бальніцы памірае пяты чарнобыльскі пажарны Мікалай Вашчук. Шосты і апошні, Мікалай Ціцянок, памрэ праз два дні.
Родным забараняюць забіраць целы пажарных. Іх хаваюць у Маскве на Міцінскіх могілках у цынкавых трунах пад бетоннымі плітамі — настолькі яны радыеактыўныя.
З 30-кіламетровай зоны вакол ЧАЭС эвакуяваныя 116 000 чалавек.
Праз 18 дзён пасля выбуху генсак Гарбачоў упершыню звяртаецца да краіны па тэлебачанні і ў прэсе і больш-менш праўдзіва, але моцна змякчаючы факты, расказвае пра тое, што здарылася ў Чарнобылі. Вядзецца ліквідацыя наступстваў, жыхары эвакуяваныя, 299 чалавек былі шпіталізаваныя з вострай прамянёвай хваробай, сямёра з іх памерлі, кажа генсак і выказвае спачуванні.
А далей ператварае прамову ва ўслаўленне подзвігу савецкіх людзей, якія самааддана змагаюцца з атамнай аварыяй, і асуджэнне «антысавецкай кампаніі» ў заходніх СМІ.
«Дзякуючы прынятым эфектыўным мерам сёння можна сказаць — найгоршае ззаду. Найбольш сур’ёзныя наступствы ўдалося прадухіліць. Вядома, пад тым, што здарылася, рана падводзіць рысу. Нельга супакойвацца. Наперадзе яшчэ вялікая, працяглая праца. Узровень радыяцыі ў зоне станцыі і на тэрыторыі, якая непасрэдна да яе прылягае, цяпер яшчэ застаецца небяспечным для здароўя людзей», — заяўляе Гарбачоў так, нібыта гэтая небяспека не разляцелася на сотні кіламетраў па некалькіх краінах.
Рэпартажы заходняй прэсы пра маштабы катастрофы ён называе «амаральнай кампаніяй» і «злоснай хлуснёй» — гэтаму прысвечаная ледзь не палова прамовы.
Беларусь аказалася найбольш пацярпелай краінай. Пасля аварыі 66% яе тэрыторыі мелі забруджванне цэзіем-137 шчыльнасцю вышэй за 10 кілабекерэляў на м², а 23% — вышэй за 37 кБк/м² (для Украіны — 5%, Расіі — 0,6%). Забруджана радыяцыяй каля чвэрці ляснога фонду краіны — у Гомельскай вобласці палова, у Магілёўскай — больш за траціну.
У зону забруджвання трапілі 3678 населеных пунктаў, дзе жылі 2,2 млн чалавек. 479 населеных пунктаў з зоны адчужэння спынілі існаванне.
Самымі апрамененымі жыхарамі Беларусі аказаліся дзеці. Паводле вымярэнняў 1986 года, каля 30% малых ва ўзросце да двух гадоў атрымалі дозы вышэйшыя за 1 Грэй. Захворвальнасць на рак шчытападобнай залозы ў Беларусі пасля аварыі ў дзяцей вырасла ў 33,6 разу, у дарослых — у 2,5–7 разоў.
Сумарная шкода Беларусі за 30 гадоў пасля аварыі ацэненая ў 235 млрд даляраў — 32 бюджэты краіны ўзроўню 1985 года.
Цяпер у зонах радыеактыўнага забруджвання на тэрыторыі Беларусі застаецца жыць каля 930 тысяч чалавек.
З іх 180 тысяч — дзеці.