Поддержать команду Зеркала
Беларусы на войне
  1. Вернулся в соцсети один из гродненских блогеров, обвиненных в мошенничестве со сбором на лечение ребенка. Вот что он рассказал
  2. Чтобы попасть утром, очередь занимали с вечера. Рассказываем историю магазина, где бывал каждый минчанин и многие беларусы
  3. Трамп назначит специального посланника по Беларуси. Он поблагодарил Лукашенко и анонсировал освобождение политзаключенных
  4. Автобус с туристами из Беларуси упал с холма в Таиланде
  5. Предзимье на пороге. Синоптик рассказал, какой будет погода в Беларуси на следующей неделе
  6. Беларусы, бежавшие из страны через Украину, получают распоряжения о высылке из Португалии
  7. Зачем Россия провела беспрецедентную атаку беспилотниками по энергосистеме Украины и каковы ее итоги? Вот что говорят аналитики ISW
  8. Санкции, похоже, начинают влиять на возможности России в военной агрессии — ISW
  9. Беларусь отказалась временно открыть пункт пропуска Бенякони — советник премьер-министра Литвы


/

Гомельскага журналіста Яўгена Меркіса затрымалі восенню 2022 года за яго прафесійную дзейнасць: ён зняў відэа для «Белсата» і напісаў некалькі артыкулаў для рэгіянальнага партала «Флагшток». Абодва медыя беларускія ўлады прызналі «экстрэмісцкімі фармаваннямі». Палітвязня асудзілі на чатыры гады калоніі ўзмоцненага рэжыму па «экстрэмісцкіх» артыкулах. Яўген распавёў «Вясне» пра тое, як адсядзеў за артыкул на тэму гомельскага моста, пра «ментаўскія» парадкі ў шклоўскай калоніі і паборы на «добраўпарадкаванне», як змагаўся з «сіндромам выжыўшага» і як аднаўляецца пасля вызвалення. «Люстэрка» перадрукоўвае гэтае інтэрв'ю.

Евгений Меркис на пресс-конференции выдворенных из страны политзаключенных, Вильнюс, Литва, 12 сентября 2025 года. Фото: Андрей Паук
Евгений Меркис на пресс-конференции выдворенных из страны политзаключенных, Вильнюс, Литва, 12 сентября 2025 года. Фото: Андрей Паук

Яўген Меркіс вучыўся на гістфаку БДУ. Да 2020 года ён быў грамадскім рэгіянальным актывістам у сферы культуры, экалогіі, гарадскога развіцця. Акрамя гэтага быў у свой час старшынём гомельскай краязнаўчай арганізацыі «Талака». Таксама суразмоўца працаваў рэдактарам «Краязнаўчага сайта Гомеля і Гомельшчыны», які пераўтварыўся ў міні-Вікіпедыю з ведамі аб Гомлі і рэгіёне ў розных сферах: геаграфія, культура, гісторыя, этналогія, экалогія. У родным горадзе Яўген вядомы шмат каму і як журналіст-фрылансер, які з 2014 года супрацоўнічаў са шматлікімі рэдакцыямі: рабіў тэксты, відэа і аўдыёпадкасты.

«Мост адрамантавалі, але я за працягваў за яго сядзець»

У 2020 годзе журналіст актыўна ўдзельнічаў у акцыях пратэстаў, адсядзеў содні, у яго дома і ў яго бацькоў было тры ператрусы. А ў верасні 2022 года Яўгена затрымалі проста каля дому.

«Мяне выманілі з дому, зладзілі тыповую «спецаперацыю», можна сказаць. Сказалі, што мне трэба прыехаць у падатковую інспекцыю, каб праверыць дакументы. Сітуацыя дзіўная, але я на ўсялякі выпадак, па даўняй звычцы, праінфармаваў сваіх калегаў і сяброў. Сказаў, што калі я не выйду на сувязь праз дзве гадзіны, значыць мяне затрымалі. Так і апынулася. Я выйшаў з дому, іду да машыны і бачу, як 5−6 чалавек у цывільным ідуць у мой бок. Я зразумеў, што гэта сілавікі — не маладыя амапаўцы, канешне, больш старэйшыя, дасведчаныя дзядзькі, але іх ні з кім не паблытаеш. Можа, губазікаўцы. Я хуценька сеў у машыну, заблакаваў дзверы і паспрабаваў набраць тату. Нейкая старая AUDI перагарадзіла маю машыну спераду, каб я нікуды не рушыў. Ну і яны паказваюць жэстамі, каб я выключаў тэлефон і адчыняў дзверы, іначай яны будуць біць шыбу. Я разблакаваў дзверы, мне сказалі, што на мяне заведзеная крымінальная справа. Пасля гэтага зладзілі ператрус у машыне, затым у хаце ды павезлі на тры дні ў ІЧУ. Першапачатковая прычына затрымання — крымінальны артыкул 361−4 ч. 1 (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці). Галоўная прэтэнзія была, што я ў сакавіку 2022 года зняў відэаматэрыялы, якія былі выкарыстаныя тэлеканалам «Белсат» у сюжэце пра беларускую эканоміку. Гэта было відэа курсаў валют, якое было знята на мабільны тэлефон у лобі мясцовага «Тэхнабанку».

У выніку Яўгена асудзілі паводле ч. 1 арт. 361−4 (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці) за супрацу з «Белсатам». Пазней дадалі ч. 2 таго ж артыкула за паўторнае «садзейнічанне» за напісанне артыкулаў для гомельскага выдання «Флагшток», распавядае суразмоўца.

«Адзін матэрыял быў пра дрэнны стан гомельскага транспартнага маста, які вядзе ў адзін з чатырох галоўных раёнаў Гомля — Навабеліцу. Дарэчы, дзякуючы гэтаму артыкулу справа з рамонтам зрушыла з месца, і рамонт перанеслі на некальки год раней. У выніку сам мост адрамантавалі, там зноўку ездзць машыны, але я працягваў за яго сядзець. У другім артыкуле я як гісторык разабраў сюжэт на прапагандысцкім тэлебачанні пра падзеі 17 верасня 1939 году. Прааналізаваў, якія факты былі пададзены няправільна, што недагаворваюць. Галоўны пасыл сюжэту быў у тым, што тады (у 1939 годзе) нас нібы раз’ядноўвалі звонку. Зараз нас таксама нібы раз’ядноўваюць «подлыя заходнікі». А я напісаў, што можа быць раз’ядноўваюць не заходнікі, а хтосьці ўнутры краіны».

Пазней Яўгену за супрацу з «Белсатам» змянілі крымінальны артыкул на 361−1 ч. 3 (уваходжанне ў склад экстрэмісцкага фармавання).

«Казалі, што я быў паўнавартаснай часткай «экстрэмісцкага фармавання», а не проста мінаком. Прымаў рашэнні, як дзейнічаць рэдакцыі і г. д. У выніку 30 траўня 2023 года мне далі чатыры гады калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. У гомельскім СІЗА я быў да верасня 2023-га. Такім чынам у ізалятары я правёў адзін год. А пасля паехаў у ПК № 17 у Шклоў».

На волі журналіст ужо атрымаў працоўныя прапановы, але пакуль яшчэ не вярнуўся да журналісцкай працы, бо не мае патрэбных для гэтага дакументаў, заняты рэсацыялізацыяй і патрабуе часу на аднаўленне.

Пасля царквы збіраліся разам і абмяркоўвалі навіны

На момант, калі Яўген патрапіў у шклоўскую калонію № 17 у верасні 2023 года, усім палітычным вязням на прафілактычным уліку забаранілі наведваць царкву, бібліятэку, спартзалу і стадыён. Гэта было неафіцыйнае правіла, нідзе гэтага прапісана не было, кажа суразмоўца.

«Хадзілі чуткі, што нібы яшчэ за часамі Паўла Севярынца, які таксама сядзеў у гэтай калоніі, пасля наведвання царквы «палітычныя» збіраліся разам і абмяркоўвалі навіны. Нібы вось гэта не спадабался начальству. Напэўна, перастрахоўваліся, каб «жоўтыя» мелі як мага менш магчымасці размаўляць з іншымі «палітычнымі» і «белымі» з іншых атрадаў. Канешне ж, царква і стадыён — гэта месцы, дзе вязні з розных атрадаў збіраюцца разам і дзе складана кантраляваць іх камунікацыю».

Бавіць вольны час можна было толькі ў сваім лакальным участку, а чытаць кнігі цішком, толькі калі хто-небудзь з непалітычных прынясе ў атрад і пакіне нешта на паліцы, кажа суразмоўца.

«Хадзілі, гулялі, падцягваліся на турніках, летам гулялі на вуліцы ў нарды ці шахматы. Можна было чытаць кнігі толькі калі нехта з «белых» штосьці прынясе ў барак і пакіне на палічцы. Ты з ім дамовішся, маўляў, ці можна я з табою буду паралельна чытаць акуратненька. Можа, ты нават з ім дамовішся, каб ён табе нешта пашукаў з кніг. Але большая частка пабойвалася гэта рабіць, бо навокал было шмат «стукачоў». Калі ты адкрыта будзеш казаць пры ўсіх: «О, Сашка, вазьмі мне там сёння Жуля Верна», то па табе будуць пытанні».

«Анора» і «Трудовой путь»

У кожным атрадзе калоніі існуе КВР — «комната воспитательной работы». Але яшчэ з савецкіх часоў яе ўсе называюць «Ленкомната» або проста «Ленка». У гэтым пакоі стаіць вялікі тэлевізар, які набылі за грошы непалітычных вязняў, кажа Яўген.

«У «Ленцы» ў кожным атрадзе вісіць вялікі тэлевізар, да якога падлучаны сэрвіс «VOKA-TV», праз які мы глядзелі рознае гульнявое кіно кшталту апошняга «Супермэна», «Парка юрскага перыяду», «Анору», серыялы розныя. Плюс там быў доступ да розных дзяржаўных і забаўляльных каналаў. Акрамя гэтага тэлевізар быў падлучаны да ўнутранага сервера калоніі. На ім знаходзяцца і розныя адукацыйныя матэрыялы і лекцыі, нейкія відэа з запісамі турніраў па футболе, боксе. Таксама нам паказвалі ідэалагічныя матэрыялы. Напрыклад, па выходных трэба было хадзіць на т.зв. «план выходнага дня»: з трох да пяці мы павінны былі штосьці глядзець. На сервер закідваюць канкрэтныя відэа пад канкрэтную дату. Часцей за ўсё гэта былі бясконцыя фільмы пра вайну.

Як кажа Яўген, адчуванне ў калоніі было вельмі дзіўнае. З аднаго боку ты шмат у чым пакутуеш, з іншага — у цябе вісіць «плазма» і ты глядзіш «Анору». Як пасля патлумачыць людзям у чым былі твае пакуты?

Яўген распавядае пра практыку прымусовага збору грошай з вязняў на добраўпарадкаванне калоніі. А таксама выказвае меркаванне, чаму на палітычных гэтыя паборы не распаўсюджваліся.

«З «жоўтых» ніякіх пабораў не было. Адзінае, раз на паўгода нас прымушалі падпісвацца на турэмную газету «Трудовой путь». Падпіска каштавала прыкладна 30−50 рублёў.

Усе звычайныя крымінальнікі канешне ж робяць любыя ахвяраванні на рахунак калоніі «добраахвотна». Яны пішуць заяву кшталту: «Прашу зняць з майго рахунку на развіццё калоніі суму ў памеры 100−200 рублёў». За адмову не білі, вядома ж, але маглі ціснуць рознымі спосабамі. Плюс тады ў вязняў не было доступу да розных «нішцякоў»: праць рэчы ў пралцы ўнутры атрада, атрымліваць душ без абмежаванняў і т.п. Праз тое, што з «жоўтых» грошы не бралі мы і ўсімі гэтымі паслугамі не карысталіся, як няздаўшыя грошы.

Я думаю, што паколькі гэта была неафіцыйная практыка, то адміністрацыя калоніі перасцерагалася, што і «палітычныя» і іх сваякі шырока распаўсюдзяць інфармацыю пра прымусовыя паборы і будуць падаваць на гэта скаргі. Тады б у калонію маглі даслаць праверкі».

Звычайна, у беларускіх турмах вязні не маюць магчымасці зарабіць грошы. На прамзоне заробкі зусім мізерныя — усяго некалькі рублёў на месяц. Адзіныя грошы, якія атрымлівалі палітычныя — праз падтрымку родных. Пасля таго, як у «Спіс тэрарыстаў», які складае КДБ, патрапілі некаторыя палітычныя, у іх не засталося наогул магчымасці атрымліваць грошы ад сваякоў. Толькі з іх і не збіралі грошы на падпіску на газету.

«Зэк мусіць пакутваць і ўвесь час быць занятым»

Як распавядае былы палітвязень, шклоўская калонія стала «чырвонай» яшчэ да 2020-га году, а старыя зэкі наракаюць на пагаршэнне ўмоваў і адсутнасць свабоды.

«Я сам для сябе выводзіў, што матэрыяльныя ўмовы ў калоніі не першасныя. Шмат хто са старых зэкаў, якія засталі яшчэ былую калонію і яе парадкі, казалі, што старую сістэму знішчылі ўшчэнт. Блатных парадкаў цяпер няма. Гэта яшчэ ў 2018−2019 гадах усё вычышсцілі. Уся зона — «чырвоная», то бок усе парадкі кантралююць супрацоўнікі і маюць татальны кантроль над вязнямі ва ўсіх сферах жыцця. І нават нефармальных фішак ужо ніякіх няма. Слэнгу амаль няма, 98% усяго таго, што раней было, усё паадмірала. Кантынгент змяніўся і цяпер каля 30−40% сядзельцаў гэта асуджаныя па «наркатычных» артыкулах. Раней больш было алкаголікаў, забулдыгаў і бамжоў. Цяпер часцей за ўсё гэта маладыя хлопцы з гораду, якія атрымалі вялізныя тэрміны за адну-дзве «закладкі». Плюс забойцы, плюс палітычныя. Старыя зэкі казалі так: «Лепш бы нас горш кармілі, зато было б больш свабоды».

Таксама ў калоніі вельмі цяжкія і выматваючыя фізічныя ўмовы. Гэта вечны недасып, штодзённае стаянне на праверках пашыхтаванымі па 20−25 хвілінаў. Паводле падлікаў Яўгена, вязень штодзень праводзіць на нагах як мінімум па дзве гадзіны.

«У нас быў вечны недасып. Нават калі ты днём будзеш сядзець з заплюшчанымі вачыма, цябе могуць «адстраліць», як у нас казалі — то-бок, выпісаць парушэнне. За гэта цябе могуць чагосьці пазбавіць: права, на перадачу, бандэроль, каротка- або доўгатэрміновага спаткання. Мы гэтага, канешне, не баяліся, бо ў «жоўтых» спатаканняў у Шклове і так не было. Яно, канешне, па законе было, але фактычна нам яго забаранялі. А калі ты напішаш заяву, каб прадаставілі, цябе «адстрэляць» і яго пазбавяць. То-бок, паводле закону нібы ўсё справядліва.

У калоніі амаль адсутнічае месца, каб пасядзець: падчас чакання званка з роднымі хвілінаў 50 прачакаеш, на атаварцы толькі пара лавак. А ў цябе на месяц тры атаваркі і пяць званкоў. Акрамя гэтага яшчэ ідэалагічныя лекцыі і пастаянныя абсурдныя грамадскія працы — сеяць пясок або раструшчваць камяні. Ты там увесь час заняты. Я выводзіў для сябе два самыя галоўныя законы, на чым трымаецца зона — зэк мусіць пакутваць і ўвесь час быць занятым. Адміністрацыі так прасцей. Калі будзе больш вольнага часу, то зэкі пачнуць абурацца, штосьці муціць, ладзіць паміж сабою канфлікты».

Да таго ж «жоўтыя» ў калоніі пастаянна зазнаюць моцны псіхалагічны тэрор, распавядае суразмоўца.

«Я калі толькі заехаў, то вельмі жорстка ціснулі. Цябе амаль кожны дзень маглі спыніць за любую дробязь: незашпілены гузік, не павітаўся з афіцэрам, ці падчас ператрусу не супала нейкая драбяза з опісам рэчаў. За ўсё гэта ты вельмі лёгка мог паехаць у ШІЗА. Я застаў часы, калі «жоўтыя» туды ездзілі прам нон-стопам. Гэта быў вялікі стрэс. Хаця б дзень перажыць, каб нічога не здарылася, нічога не забыцца, усё паспець. Гэта быў той яшчэ квэст ва ўмовах нявыспанасці і непаўнавартаснага харчавання».

«Толькі аднойчы далі палову агурка»

Як распавядае Яўген, ежа ў калоніі была «прымітыўная для 21 стагоддзя» і не задавальняла патрэбаў арганізма дарослага чалавека. Пераважна вязняў кармілі кашамі і бульбай. Да таго ж турэмны рацыён шмат у чым залежаў ад закупак харчоў з мясцовага калгасу, тлумачыць суразмоўца.

«Калі, напрыклад, у калгасе сёлета шмат бульбы, значыць мы будзем бліжэйшыя тры месяцы есці бульбу. Каб зэканоміць грошы, табе ў аўторак, чацвер і суботу даюць увечары рыбную катлету. Перамалолі фарш з косткамі, запяклі і калі ласка. У гомельскім СІЗА з рыбы не рабілі катлет, а проста падавалі вось гэты фарш. Мы называлі гэта «магілай». У калоніі не было ніводнай свежай садавіны ці гародніны. Памятаю, толькі аднойчы далі палову агурка. А таксама не даюць нічога малочнага. Канешне, можна было набыць малочку на атаварцы. Але ў палітычных жорсткае абмежаванне — дзве базавыя велічыні на атаварку на месяц. Але гэта афіцыйна не звязана з тым, што ты палітычны. Абмежаванні ў дзве «базавыя» даюцца, калі ты атрымліваеш статус «злосніка». А гэты статус прызначаюць, калі ты атрымліваеш чатыры парушэнні. То-бок, юрыдычна ўсё чыста — абмежаванні даюць не таму, што ты палітычны, а таму, што ты злосна і рэгулярна парушаеш усталяваныя правілы паводзін».

У калоніі вязням выдавалі на месяц толькі кавалак гаспадарчага мыла, максімум чатыры аднаразовых станкі і рулон туалетнай паперы. Усе астатнія гаспадарчыя рэчы вязні мусілі набываць самі ў турэмнай краме, распавядае Яўген.

«Цяжэй было палітвязням, якія трапілі ў «спіс тэрарыстаў» і ім заблакавалі магчымасць атрымліваць грошы на рахунак. У іх ёсць права на атаварку на 84 рублі на месяц, проста грошай няма. Яны выжывалі толькі за кошт таго, што ім налічвалі нейкія капейкі з працы. Там мізэрныя заробкі — камусьці могуць налічыць тры рублі на месяц, камусьці — 10 ці 15. Калі ты, напрыклад, працуеш аператарам станка на вытворчасці абутку і табе вельмі пашанцуе, то атрымаеш 20−25 рублёў».

«Адзін аддаў шалік, другі — пальчаткі»

Яўген знаходзіўся ў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму, які накладаў шмат розных абмежаванняў. Так, напрыклад, ён атрымліваў перадачы і пасылкі адзін раз на чатыры месяцы ў той час, як вязні з агульным рэжымам — раз на тры месяцы. Як распавядае суразмоўца, вязні дзяліліся рэчамі з пасылак з тымі, хто быў пазбаўлены падтрымкі родных і блізкіх.

«Жоўтыя» імкнуліся трымацца больш менш разам і неяк адно аднаму дапамагаць. Вядома, усе палітычныя розныя. Хтосьці больш загартаваны ідэйна і маральна. Хтосьці на волі, напрыклад, піў і па п’янай галаве напісаў, што «Лукашэнка — мудак». Але заўсёды дзяліліся неабходнымі рэчамі: побытавымі, адзеннем.

Я заехаў напрыканцы верасня, ужо пачало халадаць. Пакуль бы я атрымаў перадачу, ужо была б зіма. Мне хлапцы арганізавалі цёплае адзенне. Адзін з іх аддаў шалік, а другі — пальчаткі. Іншыя дапамагалі з прадуктамі тым, хто не меў магчымасці атаварвацца на вялікую суму».

Нефармальных грашовых сувязяў у шклоўскай калоніі ўжо амаль не засталося, кажа былы палітвязень.

«Нас па старой памяці папярэджвалі, маўляў, бярыце з сабою ў калонію цыгарэты (каб выкарыстоўваць у якасці мясцовай валюты). Там за вас і дзяжурыць будуць, можаце абмяняць цыгарэты і на ежу. Але ў Шклове гэта амаль усё прыкрылі. Тыя, хто трапляўся на такіх працэдурах, адразу атрымлівалі шмат праблемаў».

Яўген кажа, што ў калоніі было толькі дзве формы адзення: восеньская і зімовая. Мяняць іх самастойна было нельга, толькі па загадзе начальства. Забарона на змену формы адзення моцна перашкаджала — бракавала звычайна, зручнай вопраткі.

«Вы ходзіце ў зімовай шапцы, куртцы і ботах і не можаце добраахвотна адмовіцца ад гэтага касцюма, нават калі на вуліцы ўжо цёпла. Або наадварот — ужо пачатак восені, стаіш на вуліцы на праверцы, увесь дрыжыш з раніцы ад холаду. Але яшчэ трэба насіцьлетнюю форму адзення, ніякіх куртак яшчэ не носіш. Летась напрыканцы красавіка ўжо было + 20 градусаў цяпла, а мы ўсё яшчэ ў шапках ходзім і целагрэйках. Пакуль да сталовай прыйшлі, мы ўжо ўсе мокрыя. А там ты часцей за ўсё сядзіш у куртках, бо няма куды яе пакласці, настолькі мала месца».

«Калі выходзіш на волю, жыць усё роўна не даюць»

Як распавядае Яўген, хоць у шклоўскай калоніі ён не зазнаваў фізічных катаванняў, але пастаянна сутыкаўся з псіхалагічнымі пакутамі: кпінамі над вязнямі, здзекамі, перадузятым стаўлленнем, абразамі.

«Казалі, што мы здраднікі радзімы, прыдзіраліся на асабістай глебе праз тое, што я палітычны. Пастаянна ладзілі правакацыі, нейкія гульні. Некаторыя праяўлялі садысцкія схільнасці. Напрыклад, мы вярталіся пасля працы ўзімку. На вуліцы ўжо мінус 10 градусаў, дзясятая гадзіна вечара. Нас спыняе дзяжурны афіцэр і пачынае дакалупвацца да аднаго з хлапцоў, як у яго справы. Паводле правілаў спачатку трэба зрабіць даклад, і толькі пасля адказваць на пытанне супрацоўніка. Але афіцэра працягвае з яго кпіць, здзеквацца, пагражаць што ён усё робіць няправільна і не адказвае на пастаўленае пытанне. У выніку, дзяжурны пяць хвілінаў вадзіў беднага вязня вось так па коле сваімі пытаннямі: «А чаму ты зараз са мною размаўляеш?». Мы ўсе чакаем на нервах. Гэтая дзікая сітуацыя нікому не падабаецца. І вязень на нервах. Што яму, зараз у ШІЗА ісці?».

Да таго ж нават па вызваленні няма ўпэўненасці, што гэта скончыцца, кажа суразмоўца.

«Калі выходзіш на волю, жыць усё роўна не даюць. Праблемы з працаўладкаваннем, сімку толкам не аформіць. Плюс усе гэтыя нагляды, праверкі. Я размаўляю з тымі вязнямі, якія засталіся ў Беларусі і праз усё гэта праходзяць. Яны кажуць, што гэта асобная форма пакутаў».

Ледзь не вар’яцелі ад адзіноты ў ШІЗА і нават мелі галюцынацыі

За час зняволення Яўген адсядзеў у ШІЗА 16 сутак. Першы раз ён патрапіў у штрафны ізалятар у чэрвені 2024 года таму, што нібы не павітаўся з афіцэрам на выхадзе са сталовай. Другі раз — у студзені 2025 на 13 сутак, бо Яўген падчас тэлефанавання родным размаўляў з чалавекам, які не быў уключаны ў спіс афіцыйных кантактаў, кажа суразмоўца.

«Так атрымалася, што ў той жа дзень такое ж пакаранне выпісалі «беламу» хлопцу» за такое ж парушэнне — ён патэлефанаваў стрыечнай сястры. Але пры аднолькавым парушэнні «беламу» далі трое сутак, а мне — 13″.

Увесь тэрмін у ШІЗА Яўген правёў у адзіночнай камеры.

«З аднаго боку я цаніў магчымасць пабыць сам насам, але, канешне, фізічна там вельмі цяжка нягледзячы на рамонт, умовы жахлівыя. Халадэча, не выдаюць матрасу ці падушкі. Калі сядзеў там у чэрвені, то, здаецца, нібы лета і мусіць быць цёпла. Але там пастаянна адкрытая фортка, на вуліцы плюс 10−12 градусаў бывае ўноччу, а ты спіш фактычна на голых дошках, абабітых металам. Сваіх рэчаў у цябе няма, цябе пераапранаюць у тонкую сінтэтычную шізошную форму. Што ўжо казаць пра адседкі ўзімку або ў самы цяжкі перыяд — у міжсезонне».

Некаторыя з вязняў, хто сядзеў у ШІЗА працяглы час, дзяліліся з Яўгенам, што ледзь не вар’яцелі ад адзіноты ў ШІЗА і нават мелі галюцынацыі.

«Ты не можаш паспаць днём, не можаш нават падперці галаву рукою. Ежу даводзіцца з’ядаць вельмі хутка, бо на гэта даюць максімум некалькі хвілінаў. Той яшчэ квэст. Да таго ж выдаюць лыжку без ручкі, бо яна ўжо спілаваная. Магчыма, з-за нейкіх старых нормаў, звязаных з нападам на супрацоўнікаў. Баяцца, што мы «заточку» зробім».

У калоніі амаль не было магчымасці паразмаўляць з вязнямі з іншых атрадаў. Адзіная з нешматлікіх магчымасцяў перакінуцца парай фразаў была, калі ўсе атрады вялі ў сталовую альбо на прамзоне, калі розныя атрады працавалі побач, распавядае суразмоўца.

Размаўляць па-беларуску — прыцягваць шмат непатрэбнай увагі

Яўген у звычайным жыцці беларускамоўны. Але ў калоніі з мэтаў бяспекі быў вымушаны перайсці на расейскую мову.

«У гомельскім СІЗА я без праблемаў размаўляў па-беларуску. Першы тыдзень у калоніі ў карантыне і затым у асноўным атрадзе я яшчэ працягваў так рабіць. Але вельмі хутка зразумеў, ды й мне і іншыя сказалі, што лепей так не рабіць. Былі нават гісторыі «белых», якія пад уздзеяннем патрыятычных пачуццяў размаўлялі з супрацоўнікамі па-беларуску і ім за гэта далі «наш», прафілактычны ўлік № 10 як «схільным да экстрэмісцкай ды іншай дэструктыўнай дзейнасці».

Для мяне размаўляць па-беларуску ў калоніі ў такім выпадку было нагодай прыцягнуць вельмі шмат непатрэбнай увагі. З улікам таго, што я — журналіст і грамадскі актывіст гэта такая ўвага ў калоніі небяспечная. Беларуская мова і на волі ўспрымаецца, як праява грамадзянскай пазіцыі. А тут у афіцэра можа ўзнікнуць жаданне лішні раз цябе «адстраліць», павесіць табе нейкае парушэнне, таму што ты «выпендрываешся» ці падняць дакументы па табе. Хто ведае чым гэта ў выніку скончыцца — ШІЗА, ПКТ, «крытка», іншыя формы ціску?.. Таму давялося перайсці на расейскую. Гэта — мова зносін і я думаў, што добра яе ведаю бо вырас жа ў рускамоўным грамадстве, але ў мяне яшчэ вельмі доўгі перыяд была ломка і праскоквалі беларусізмы».

«Калі выходзіш на волю, ужо не ведаеш, кім ты быў раней»

Журналіст распавядае, што падыход у калоніі — прыцягваць як мага меней увагі — агульны і звязаны не толькі з беларускай мовай.

«Увага ў калоніі — гэта кепска. З часам ты змяняеш нават сваю міміку. Напрыклад, вы збіраецеся ў атрадзе не больш за тры чалавекі і штосьці абмяркоўваеце. А пры гэтым яшчэ пасміхаецеся і жэстыкулюеце. Гэта будзе выглядаць падазрона для «стукачоў», яны адразу данясуць. Вельмі хутка ўсе вязні разумеюць, што трэба сябе паводзіць, нібы ты ў псіхіятрычнай лякарні: ціхі, спакойны, апатычны. У калоніі ўвесь час трэба кантраляваць праявы сваёй ідэнтычнасці — эмоцыі і паводзіны. У выніку ты сябе так моцна змяняеш, што калі выходзіш на волю, ужо і не ведаеш часам, якім ты быў раней».

Яўген яшчэ толькі ўзгадвае таго сябе, якім ён быў да зняволення. Але пэўны, што шмат у чым ужо ніколі не будзе ранейшым.

«За час зняволення я таксама змяніўся. Я пасталеў, пракачаў цярпенне, вытрымку і ўстойлівасць Разумею, што ўжо не буду такім, як тады. Нанова пачынаю вывучаць нават сваё цела, падыходзячы да люстэрка — старыя рэчы ўжо не сядзяць на схуднелым целе і ты сябе не заўжды пазнаеш. Усе кажуць, маўляў, вы ж выйшлі на волю і цяпер хочацца шмат чаго смачнага паесці. Але гэта доўгі працэс. Па-першае, я падзабыўся на шмат якія смакі. а па-другое, я не ведаю, што мне цяпер будзе смачна. За тры гады ты прызвычайваешся есці толькі тое, што даюць, і не думаць, падабаецца табе гэта ці не».

У калоніі існуе так званае «правіла мяккага знака», кажа суразмоўца. Любы тэрмін зняволення, у назве якога ёсць мяккі знак — пяць, шэсць — лічыцца «сур'ёзным» і накладае моцныя змены ў псіхіцы і паводзінах вязня.

«З «палітычных» у калоніі сядзяць хлопцы, якіх затрымалі нават да выбараў 2020-га года. Ужо пяць гадоў прайшло! Канешне, шмат што мяняецца. Ты і твае сваякі праходзіце праз розныя стадыі. Шмат у каго руйнуюцца стасункі. Існуе таксама правіла 2−3 гадоў, якое я вывеў паназіраўшы за турэмным жыццём. То-бок, стабільна захаваць стасункі можна цягам прыкладна гэтага тэрміну. Першы год фіксаваны на выніку суда, ва ўсіх яшчэ ёсць спадзевы. Другі год вы рыхтуецеся да зоны і перадач. А вось далей пачынаецца самае цяжкае: нават самыя лепшыя стасункі ў выніку часта руйнуюцца і гэта жыццё, нічога не паробіш».

Яўген распавядае, што з ім адбылося «падвойнае абнуленне»: спачатку ўлады зруйнавалі ўсё ягонае жыццё да зняволення, а пасля прымусова дэпартавалі ў іншую краіну.

На волі суразмоўца сутыкнуўся з пачуццямі, падобнымі на «сіндрома выжыўшага». Яўгену было няёмка распавядаць пра свой турэмны досвед і перажытое, бо іншыя палітвязні зазналі значна больш жорсткія катаванні і жорсткае абыходжанне, кажа экс-палітвязень.

«Я правёў у ШІЗА 16 дзён, а хтосьці там прасядзеў год. І ты пачынаеш саромецца ўласных пакутаў».

Пасля вызвалення Яўгена прайшло амаль два месяцы. Першы час экс-палітвязню было нязвыкла заставацца сам насам у нумары гатэлю.

«За тры гады гэта была першая магчымасць застацца ў памяшканні адному. Да гэтага было толькі ШІЗА. Таму ў першыя разы я нават адчуваў трывогу, калі застаўся ў нумары сам.

Стан па выхадзе такі, што адначасовы ты страшэнна стаміўся і не хочаш нічога рабіць, а з іншага — у цябе столькі ўсяго нерэалізаванага і энергія б’е праз край. Паміж гэтымі скрайнасцямі даводзіцца шукаць свой баланс. Да таго ж, як мужчына, ты імкнешся як мага хутчэй стаць на ногі. Наколькі гэта карысна для псіхікі — паглядзім. Аде цяпер я зноўку ўладар свайго жыцця і шчасця і гэта выдатна!»